Размер шрифта:   16
1 2 3 4 5 6 7 8 ... 76 Вперед


Вялікіх поспехаў дасягнула за сорак савецкіх год беларуская літаратура. Хаця яе гісторыя налічвае не адно стагоддзе, аднак сапраўднае развіццё літаратуры ў Беларусі пачалося толькі пасля Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Зусім нядаўна у нашай рэспубліцы адзначалася пяцідзесяцігоддзе з часу першых выступленняў у друку народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Калі яны пачыналі сваю пісьменніцкую дзейнасць, беларуская літаратура была бедная на творы і жанры, ды і сілы яе былі малалікія. I ці магла яна быць багатай, калі беларускаму народу забаранялася нават гаварыць на роднай мове. Нездарма ж у адным з ранніх вершаў Я. Купала з болем у сэрцы пісаў:

Кожны край мае тых, што апяваюць,

Чым ёсць для народа упадак і хвала,

А беларусы нікога ж не маюць,

Няхай жа хоць будзе Янка Купала.

Цяпер беларускі народ мае літаратуру, якая з’яўляецца адным з перадавых атрадаў усёй шматнацыянальнай савецкай літаратуры і атрымала шырокае прызнанне за мяжой. Кастрычніцкая рэвалюцыя разбудзіла скаваныя таленты, адкрыла неабмежаваныя магчымасці для развіцця беларускай культуры. Савецкі лад забяспечыў сапраўдны росквіт духоўных сіл прыгнечанага раней народа, магутны ўздым яго літаратуры і мастацтва. 3 глыбінь народа выйшла шматлікая плеяда таленавітых паэтаў, празаікаў, драматургаў, крытыкаў, творчасць якіх вядома ва ўсіх кутках нашай радзімы.

Сёння мы з гордасцю можам азірнуцца на шлях, пройдзены беларускай літаратурай за мінулыя сорак год. Ва усе перыяды развіцця савецкага грамадства яна аддана служыла вялікай справе народа, імкнулася як мага паўней і глыбей выяўляць яго думкі, надзеі і імкненні.

Беларуская савецкая літаратура развіваецца пад дабратворным уплывам ідэй Камуністычнай партыі, у шчыльным яднанні з літаратурамі братніх народаў і, у першую чаргу, — з рускай літаратурай, чые выдатныя дэмакратычныя традыцыі і вялікае майстэрства паслужылі адной з крыніц мастацкага росту ўсіх нацыянальных літаратур нашай краіны. Беларуская літаратура мужнела і гартавалася ў барацьбе з рознымі праявамі варожай буржуазнай ідэалогіі, у барацьбе за чысціню сваіх марксісцка-ленінскіх ідэйных і творчых пазіцый.

Яшчэ ў перадваенныя гады беларуская літаратура, асабліва паэзія, набыла ўсесаюзную вядомасць. Вершы і паэмы народных песняроў Я. Купалы і Я. Коласа — паэтаў, якія, па трапнаму выразу М. Рыльскага, у дні Кастрычніка нарадзіліся ў другі раз — «для больш высокага і шырокага палёту», творы К. Крапівы, К. Чорнага, М. Чарота, 3. Бядулі, П. Броўкі, М. Лынькова, Э. Самуйлёнка, П. Галавача, П. Глебкі, А. Куляшова, П. Труса, Я. Маўра, Ц. Гартнага, А. Александровіча выдаваліся ў перакладах на рускую, украінскую і другія мовы народаў СССР, атрымалі шырокую папулярнасць за межамі рэспублікі. Гэтыя творы, прасякнутыя высакароднымі ідэямі адданасці Радзіме, ідэямі братэрства і дружбы народаў, пачуццём глыбокай павагі да чалавека працы, сталі блізкімі і любімымі для ўсіх савецкіх людзей.

Гады Вялікай Айчыннай вайны з’явіліся перыядам далейшага росту беларускай савецкай літаратуры. У час цяжкіх выпрабаванняў, якія выпалі на долю нашай краіны, беларускія пісьменнікі былі разам з народам, актыўна змагаліся з ворагам. Палымяныя вершы-заклікі Я. Купалы і Я. Коласа, вершы і балады П. Броўкі, М. Танка, выдатная паэма А. Куляшова «Сцяг брыгады», страсная публіцыстыка і проза К. Чорнага і М. Лынькова, гнеўная сатыра К. Крапівы, цудоўная кніга лірыкі П. Панчанкі «Далёкія станцыі» — усё гэта належыць да лепшых здабыткаў усесаюзнай літаратуры ваенных год.

Значных поспехаў дасягнула беларуская літаратура ў пасляваенны час. Яна ўзбагацілася новымі талентамі і стварыла нямала кніг, якія праўдзіва адлюстроўваюць неўміручы подзвіг беларускага народа ў гады Айчыннай вайны і яго мірную стваральную працу. Нашы пісьменнікі паказваюць самае істотнае ў савецкай рэчаіснасці — працэс камуністычнага будаўніцтва, велізарныя дасягненні свайго народа, яго гераічныя справы, раскрываюць высакародныя рысы чалавека савецкай эпохі.

Пасля вайны ў Беларусі разгарнуўся сапраўдны масавы літаратурны рух. У літаратуру няспынна ўліваюцца ўсё новыя і новыя сілы. Гэта яскравы паказчык невычэрпнасці талентаў народа. Многія з пісьменнікаў, якія пачалі творчую працу ў пасляваенны час, цяпер добра вядомы ў рэспубліцы і за яе межамі.

1 2 3 4 5 6 7 8 ... 76 Вперед